Я жадаю беларусам, любіць і паважаць беларуса ў сабе.

bellarusian citty
Колькі дзён таму, стаяў чакаў дачку са школы і ненаўмысна падслухаў гаворку іншых бацькоў. Кабеты, што чакалі сваіх малых з заняткаў, гутарылі аб тым, што трэба пераходзіць на беларускую мову. Бо «як жа яна прыгожа гучыць» і «сорамна неяк становіцца, жывеш на Беларусі а мовы не ведаеш». Былі і супрацьлеглыя меркаванні. Але адное тое, што такую гаворку, урэшце давялося пачуць у Віцебску, не магло не ўзняць мне настрой.
Толькі вось пытанне, як беларусу, што ўсё жыццё пражыў у расейскамоўным асяроддзі перайсці на Мову? Маё меркаванне такое, трэба дадаць у сваю паўсядзённасць як мага болей беларускамоўных крыніц. Тым больш, сёння мы маем такую магчымасць. Штодня з’яўляюцца цікавыя беларускамоўныя медыя і блогеры. Таму сёння прапануем вам інтэрвʼю з беларускай Тыкток-блогеркай marika.lois, яна ж «Беларускі коцік».

Пачну з пытання, якое дзіўна б гучала для іншых, але на жаль звычайнае для беларусаў. Як ты прыйшла да беларускай мовы?
У мяне тут усё даволі проста. Бо да беларускай мовы я прыйшла дзякуючы сям’і. Тата размаўляе па-беларуску, а мама выкладала матэматыку па-беларуску ў беларускамоўнай школе. Таму мова ў нашай сям«і была звычайнай зʼявай.
Потым яшчэ і брат мой старэйшы пачаў цікавіцца гісторыяй Беларусі, нашай культурай, музыкай. Ён слухаў NRM, Крыві, Краму, Нейра дзюбель і іншых. Таму я не магу ўспомніць нейкі канкрэтны момант, што вось, усё я прыйшла да беларускай мовы. То бок я выхоўвалася ў такім асяроддзі дзе шанавалі беларускую культуру і мову.
Калі мне было сямнаццаць год, здарыўся філфак БДУ, з яго цудоўнымі выкладчыкамі і студэнтамі. І хоць я вучылася на рускай філалогіі, але ўсё адно, там, мая любоў да беларускай мовы, беларускай культуры, беларускай літаратуры толькі павялічылася.
Ты вядзеш Тыкток па-беларуску, але ёсць другі акаўнт, дзе ты ўжо па-руску расказваеш аб людзях і літаратуры. Ці ёсць розніца ў стаўленні тыктокаўскай аўдыторыі, у залежнасці ад мовы акаўнту?
Так у мяне ёсць такі акаўнт. Стварыла я яго з адной мэтай. Расказваць людзям пра людзей. Расказваць людзям пра асоб, якія ўвайшлі ў гісторыю. Хтосьці больш, хтосьці менш, але іх гісторыі ўражваюць. У гэтым жа акаўнце я таксама расказваю пра літаратуру.
Зараз у мяне няма вялікага натхнення, ці як кажуць, эмацыйнага рэсурсу, весці і здымаць відэа для гэтага акаўнту. Але я ўпэўнена, што хутка ў мяне з’явяцца на гэта сілы, таму і далей буду працягваць выкладваць туды кантэнт.
Пра стаўленне асабіста да мяне ў залежнасці ад мовы акаўнту я напэўна нічога адказаць не змагу. Бо мне здаецца, што ў гэтых акаўнтаў трошкі розныя аўдыторыі. Калі казаць пра мой беларускамоўны акаўнт, то там гэта пераважна беларусы, украінцы і крышачку палякі. Калі казаць пра акаўнт прысвечаны літаратуры, то там ёсць і расяяне, і ўкраінцы, і беларусы. Ёсць людзі з Казахстану, Кыргызстану, то бок тыя хто разумеюць расейскую мову.

Ці сутыкалася ты з хэйтам, праз мову?
Штосьці зусім абразлівае я ўзгадаць не магу, але раскажу пра адзін выпадак, з, як мне здаецца, з аптымістычнай канцоўкай.
Мы сядзелі з маёй сяброўкай чыгуначным вакзале ў Менску. Пакуль чакалі цягнік, пазнаёміліся з такім тыповым «пацанчыкам», што ехаў на заробкі ў Маскву. Ён пачаў казаць, што «беларуская мова, она колхозная, мне не нравится белорусский язык, он грубо звучит». Мы пачалі размаўляць з ім па-беларуску, а не на той трасянцы, што ён чуў звычайна ў сябе ў Ляхавічах. Мы яму патлумачылі, што ён крыху заблытаўся ў сваіх развагах аб мове. Ну і здаецца, што пасля нашай размовы ён больш не адносіўся да беларускай мовы як да нечага «колхозного» і змяніў сваё меркаванне, бо развітваліся мы ўжо ледзьве не сябрамі.
А наадварот, якая была самая пазітыўная рэакцыя на мову?
Самая пазітыўная рэакцыя на беларускую мову, здаецца ва ўкраінцаў у Тыктоку. Божачкі, колькі кампліментаў, колькі прыемных, шчырых, прыгожых слоў з іх вуснаў гучыць у бок нашай мовы. Ну тое ж проста цудоўна!
А яшчэ пазітыўная рэакцыя на беларускую мову была ў мяне. Калі я даведалася што мой будучы хлопец любіць беларускую мову, і больш за тое, ён ёй даволі добра валодае. Зараз ён нават задумваецца пра тое, каб перайсці на беларускую мову ў паўсядзённым жыцці.
Што трэба рабіць, каб беларусы больш размаўлялі па-беларуску?
Што трэба рабіць, каб беларусы ўвогуле размаўлялі па-беларуску? Шчыра кажучы, я думаю, што тое, што зараз адбываецца ў сацсетках, у медыяпрасторы, яно ўжо працуе на тое, каб беларусы цікавіліся беларускай мовай, культурай, традыцыямі, літаратурай. У сацсетках людзі вядуць свае старонкі па-беларуску. У Тыктоку вы паглядзіце. Тыкток наш [беларускі сегмент], амаль беларускамоўны, . Таму на мой погляд, тое што трэба рабіць з боку грамадства, яно ўжо робіцца. Хацелася канечне каб яшчэ больш было рэкламы па-беларуску. Ну я думаю гэта, усё ж такі будзе.
А далей усё павінна рабіць дзяржава. Папулярызаваць мову, а не рабіць тое што робіцца зараз. У школах, павінна быць больш гадзін вывучэння беларускай мовы, чым расейскай. У садках павінны адкрывацца беларускамоўныя групы, а не зачыняцца, як гэта адбываецца зараз. Тэлебачанне павінна быць больш беларускамоўным, чым ёсць зараз.

Прафесійнае пытанне, як філолагу. 5 лепшых кніг ад беларускіх аўтараў?
Уладзімер Караткевіч «Каласы пад сярпом тваім». Я, калі чытаю гэтую кнігу, ўжо сумую па Беларусі, адчуваю тугу па ёй, нават знаходзячыся ў Беларусі. Вось такія пачуцці выклікае ў мяне гэтая кніга. Люблю… Караткевіча і «Каласы пад сярпом тваім».
Яшчэ мне падабаецца Васіль Быкаў «Знак бяды», Ян Баршчэўскі «Шляхціц завальня», Эліза Ажэшка і яе твор «Хам» і «Дзюрдзі» яшчэ добры твор. Пяты аўтар няхай будзе Іван Мележ «Людзі на балоце».
Ці варта нам адмаўляцца ад кантэнту на іншых мовах, на карысць беларускамоўным медыя і блогерам?
Не, я лічу што не. Я гляджу кантэнт і на расейскай мове, і на ўкраінскай, на англійскай, часам польскай. І буду працягваць гэта рабіць, бо я гляджу кантэнт чалавека. То бок, для мяне важна хто зрабіў гэты кантэнт, а не на якой мове. І калі па-беларуску будуць здымаць, рабіць, пісаць адну лухту, гэта не азначае, што я буду яго [кантэнт] спажываць, толькі таму што ён зроблены па беларуску.

Бліц:
Наркамаўка, ці тарашкевіца?
Больш падабаецца тарашкевіца. І як выглядае і як гучыць, але зручней карыстацца наркамаўкай, таму я так і раблю.
Кірыліца, ці лацінка?
Тут тое ж самае. Больш падабаецца як выглядае лацінка, але зручней карыстацца кірыліцай, бо яе разумее больш людзей.
Купала, ці Колас?
Купала.
Менск, ці Маладзечна?
Менск ці Маладзечна? Маладэчна, дарэчы😊 мне больш падабаецца такая назва. Традыцыйная, народная, Маладэчна 😊. Дык вось, я б сказала і ні Менск і не Маладэчна. Хоць і той і той горад для мяне родныя. У Маладэчне я нарадзілася. Гэта мой родны горад, які я люблю. Я люблю маладэчанскі край, яго традыцыі, культуру, гісторыю, кухню, людзей. Менск таксама па-свойму люблю. Бо гэты горад таксама стаў для мяне родным, сваім. Але 😊 паміж Маладэчна і Менскам я абяру які-небудзь хутар😊. Дзе я ў спакоі і цішыні пісала б свае кнігі, чытала б іншыя кнігі, вырошчвала кветкі.
Любімае слова па-беларуску?
Пяшчота і пляшка.
Месца сілы?
Вязынка, вёска дзе нарадзіўся Янка Купала, у маладэчанскім раёне.
Месца дзе ўжо была, але марыш вярнуцца?
Гэта пра Беларусь пытанне? Таму што мне падабаецца на мапе Беларусі шмат месцаў куды я з задавальненнем вярнуся. Але марыць пра гэта… Таму што гэта проста, няма чаго тут марыць, бярэш і едзеш 😊.А калі казаць пра мапу свету, я хачу вярнуцца ў горад Варнасі, у Індыі.
Месца куды жадаеш трапіць?
У Беларусі, гэта балота Ельня. Я там яшчэ не была і таму ўсё не магу туды ніяк трапіць. Таму вось, хачу ў Ельню.
Пажаданне беларусам
Я жадаю беларусам, любіць і паважаць беларуса ў сабе. Не дазваляць нікому абражаць гэтага беларуса. І ганарыцца сваёй беларускасцю.

Гэтая размова была адной з мершых гутарак budu.by з беларускімі блогерамі і медыя-дзеячамі. А невялічкім бонусам да гэтага інтэрвью, ад Марыйкі трымайце пяць цікавых беларускіх акаўнтаў у інстаграм:

Тэкст: Алесь Юшкоўскі

Фота: старонка Марыйкі ў інстаграм

Відэа: @marika.lois

DAPAMOHA:

man scrolls news

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.

72285763G-LS8MM5WYR7