“Чом тобі, вороже, не спиться? Як гумар дапамагае падчас вайны

Віта
Фота са старонкі Віты Грыцак ў Facebook
Іван Мележ казаў: «Песня сагравае. Песня не абцяжыць плечы ў паходах. Песня – нямногая з радасцей на вайне». Сёння гэтая цытата, на жаль зноў стала актуальнай. Таму budu.by вырашыў пагутарыць з Вітай Грыцак. Дзяўчынай, што праз свае духаўздымныя песні спрабуе данесці сур’ёзную інфармацыю а падзеях у сваёй любай Украіне.

Віта, для кожнага нармальнага чалавека 24 лютага 2022 года стала датай, параўнальнай з 22 чэрвеня 1941 года. Дзе і як вы сустрэлі пачатак вайны?

Я запомню гэтую раніцу надоўга. Яна і цяпер мне часта сніцца. У той вечар я лягла спаць атрымаўшы СМС ад брата: «Трымайся, як бы там не было. Я буду на варце 💔». Звычайна брат так не піша, а ў той раз напісаў. Аднак ніякіх дрэнных адчуванняў у мяне гэта не выклікала.

Я прачнулася а пятай раніцы, бо нехта настойліва тэлефанаваў маёй суседцы па пакою ў інтэрнаце Нацыянальнай акадэміі музыкі. Яна падняла слухаўку, нічога не кажучы, падышла да акна… Мы пачулі два выбухі. Здавалася, нібы стралялі дзесьці побач, бо дрыжалі шыбы. Хаця насамрэч то было за дзясяткі кіламетраў ад нашага інтэрната.

Я ўяўляла сабе гэтую раніцу некалькі разоў раней. У мяне ўжо быў складзены трывожны заплечнік. Аднак у думках я ўяўляла, што яшчэ паспею штосьці туды дадаць… Але тады было не да таго. Праз 10 хвілін мы сабраліся і пайшлі. Як вынік дамоў на Цярнопальшчыну я паехала толькі з дакументамі, медыкаментамі, вышыванкай, фотаальбомам і скрыпкай. Мне чамусьці падалося, што гэта цяпер самае галоўнае.

Нягледзячы на тое, што мы жывем са страхам у сэрцы каля 50 дзён, я ніколі не хацела бы вярнуцца ў тую раніцу, 24 лютага. За 10 хвілін я цалкам пераасэнсавала сваё жыццё і зразумела, што больш нічога не будзе, як раней.

Ці стала ваенная агрэсія Расеі супраць Украіны для вас нечаканасцю?

Не, не стала. Па-першае, таму, што Расея пачала вайну з Украінай яшчэ ў 2014 годзе. Па-другое, таму што расейцы тысячагоддзямі так рабілі [ваявалі] з маім украінскім народам. Я добра ведаю сваю гісторыю і добра ведаю, на што здольная гэтая суседняя дзяржава

Па-другое гэта таксама не стала нечаканасцю, бо задоўга да поўнамаштабнага ўварвання расейскай арміі пра гэта пісалі многія СМІ. У маёй школе, дзе я працую настаўніцай музыкі, праходзілі заняткі па эвакуацыі дзяцей. А ў маёй музычнай акадэміі праводзіліся лекцыі па бяспецы жыццядзейнасці.

На пярэдадні поўнамаштабнага ўварвання ў Кіеў паўсюль было шмат шыльдаў, якія паказвалі месцазнаходжанне бамбасховішчаў. На працягу двух тыдняў, да 24 лютага, я хадзіла па вуліцах Кіева, шукаючы ўсюды бамбасховішчы, на ўсялякі выпадак. Зразумела, на момант мільганула надзея, што ўсё гэта абміне нас, што трывожная сумка ніколі не спатрэбіцца. Аднак спатрэбілася!

Як змянілася ваша стаўленне да Расеі, як краіны-агрэсара за апошнія амаль паўсотні дзён?

Я з тых людзей, якім заўсёды хапала і Галадамору, і Салаўкоў, і Расстралянага Адраджэння, і многіх іншых трагічных падзей для майго народу, у якіх Расея мэтанакіравана знішчала свой народ, культуру, мову і нацыю ў цэлым. Калі я арганізоўваю свае конкурсы ўкраінскай паэзіі, заўсёды думаю: некалькі дзесяцігоддзяў таму расейцы маглі б за гэта пазбавіць мяне жыцця. Так што, я не магу сказаць, што маё стаўленне змянілася, бо ўсё адно было дрэнным. Але пасля 2014 года і 24 лютага 2022 года яно пагоршылася ў мільярд разоў. Я пераканана, што ў нашага ўкраінскага народу хопіць памяці на тысячагоддзі, каб разам з ДНК перадаць гэтыя пачуцці нашчадкам.

«Чом тобі, вороже, не спиться? Певно, вчишся казати паляниця?« Нягледзячы на сур’ёзнасць тэмы, якой гэтая песня прысвечана, яе тэкст не пазбаўлены гумару і пазітыўнай энергіі. Уменне захоўваць пачуццё гумару ўвогуле ёсць адметнай рысаю ўкраінскага народу. І тут галоўнае пытанне, як вы гэта робіце?»

Смех – гэта знак сілы і перамогі. Мы б не «смяяліся», калі б не былі на сто адсоткаў упэўненыя ў сваёй праваце і перамозе. І, шчыра кажучы, гэта наша сур’ёзная зброя. Уявіце сабе: расейскія салдаты прыязджаюць на нашу ўкраінскую зямлю і ўпэўнена паводзяць сябе на ёй. Яны думаюць, што нашы людзі здадуцца і пачнуць цалаваць ім ногі пры першым жа адчуванні страху. Замест гэтага ад украінцаў яны чуюць: «Скажи паляниця!» 🙂 Расейцы ў шоку ад такіх вольных паводзінаў. Я апісваю гэта так вобразна.

Страх, вядома, у нас ёсць, і гэта натуральна. Але ў нашых жылах цячэ кроў князёў Кіеўскай Русі, казакоў, сечавых стральцоў… Шчыра кажучы, нас не перамагчы. Калі я пішу свае песні, мне здаецца, што «мора па калена». Але гэта не таму, што я такая, а таму, што ўкраінцы такія!

Украінскія палітыкі: прэзідэнт Зяленскі, спадар Арэстовіч, спадар Кім і многія іншыя паказалі сваю здольнасць натхняць не менш, чым артысты. А ці ёсць у вас фаварыт сярод палітыкаў?

У нас цяпер адзін галоўны фаварыт сярод усіх украінцаў – наш прэзідэнт. Мой таксама. Не буду хлусіць, да 24 лютага мы ўсе па-рознаму ставіліся да яго дзейнасці, бо розныя меркаванні – гэта ўвогуле натуральная зʼява. Але адзначу яшчэ адну выдатную асаблівасць украінцаў – аб’ядноўвацца, калі вельмі трэба. А вы ведаеце прымаўку, што »нішто так не абʼядноўвае, як агульны вораг«?) Мы вельмі ўдзячныя яму [спадару Зяленскаму] за тое, што ён цяпер робіць, разважае, пра тое, як ён сябе паводзіць на сусветнай палітычнай арэне, за ўсе яго выступы, заахвочванні і за тое, што слухае чаго хочуць нашыя людзі. Мы з ім адно цэлае, таму мы выйграем гэтую вайну.

А хто, ці што натхняе вас на творчасць?

Як ні парадаксальна, але я не магу ствараць песні, калі мне не баліць. Песня «Чом тобі, вороже, не спиться?» была напісана ў той самы дзень, калі я перажывала за хлопца сваёй блізкай сяброўкі. Ён салдат, ён абараняе нашу Украіну. У той дзень ён доўга не выходзіў на сувязь. Калі ператэлефанаваў, пачаў суцяшаць, быццам гэта не ён на фронце, а мы. Гэты момант на мяне моцна паўплываў, таму я напісала пра тое, што баліць, але ў такой гумарыстычнай форме.

Але больш за ўсё мяне натхняюць гісторыі-водгукі людзей на мае песні.

Напрыклад, учора мне напісала дзяўчына, аб тым, што мая песня не давала ёй страціць веру ў акупаваным расейскімі войскамі Мелітопалі. Бо кожны раз, калі яна праходзіла міма акупантаў, яна спявала радкі майго прыпеву.

Або цэлы атрад салдат пісаў мне, што яны спяваюць маю песню, калі б’юць ворага. І такіх водгукаў штодня я чытаю шмат. Гэта не можа не натхняць. Відаць, такая творчасць цяпер патрэбна людзям больш, чым я магла сабе ўявіць.

Што, у першую чаргу, вы зробіце пасля перамогі Украіны?

Я арганізую сустрэчу, каб усе мае сябры і сваякі разам абняліся, паплакалі і пасмяяліся. А потым арганізую свой першы сольны канцэрт, пра які марыла з дзяцінства. Я хачу арганізаваць гэта ў знакавых гарадах, пра якія я згадвала ў песні «Чом тобі, вороже, не спиться?» – Украінскім Херсоне, Мікалаеве, Крыме і, канешне, у тых, што не былі згаданыя – Кіеў, Львоў, Цярнопаль, Данецк, Луганск і г.д.… Гэта ўсё Украіна, інакш не будзе. Я веру, што хутка мы сустрэнемся там з маімі слухачамі і разам заспяваем «Скоро ти не будеш таким крутим, бо повір недарма я худаю на море в свій Крим».

Тэкст: Алесь Юшкоўскі

Фота: старонка Віты Грыцак у Фэйсбуку

DAPAMOHA:

man scrolls news

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

72285763G-LS8MM5WYR7